ТАРГАВІ́ЦКАЯ КАНФВДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92, які выкарыстала Рас. імперыя з мэтай рэстаўрацыі там дзярж. ладу, што існаваў да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791. Акт Т.к. падпісаны ў С.-Пецярбургу 27.4.1792, фіктыўна абвешчаны ў мяст. Таргавіца (Украіна) 14.5.1792, праз 3 дні пасля пачатку інтэрвенцыі Расіі ў Рэч Паспалітую. Маршалак канфедэрацыі С.Шч.Патоцкі (гл. ў арт. Патоцкія). Акт Т.к. называў рас. войскі сяброўскімі, скасоўваў усе рашэнні Чатырохгадовага сейма, у т. л. Канстытуцыю 3.5.1791, заклікаў шляхту злучыцца для «абароны рэспубліканскіх свабод» і тэр. цэласнасці дзяржавы. У ВКЛ адпаведныя канфедэрацыі ў ваяводствах і паветах ствараліся пры падтрымцы царскіх войск. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвешчана ў Вільні 25.6.1792 у складзе 13 чал., маршалак — А.М.Сапега (гл. ў арт. Сапегі). Канфедэрацыю падтрымала каля 40 тыс. шляхціцаў ВКЛ. 11.9.1792 у Брэсце Генеральныя канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы злучыліся ў Генеральную канфедэрацыю абодвух народаў, якая ўзяла некат. функцыі дзярж. улады. 24.9.1792 кіраўніцтва канфедэрацыі пераехала ў Гродна для падрыхтоўкі там сейма пад наглядам рас. пасла Я.Я.Сіверса. На тэр. Рэчы Паспалітай увяла свае войскі і Прусія, пасля чаго Расія абвясціла ноту аб падрыхтоўцы другога падзелу Рэчы Паспалітай. Кіраўніцтва канфедэрацыі для абароны краіны 11.2.1793 загадала мясц. канфедэрацыям склікаць паспалітае рушэнне і абраць ротмістраў. У сувязі з гэтым 10.3.1793 Сіверс прадаставіў павятовым маршалкам ранг ваявод і 6.5.1793 дазволіў правесці шляхецкія выбары на Гродзенскі сейм 1793. Ухваленнем на сейме 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і дагавора з Расіяй Т.к. канчаткова скампраметавала сябе і 15.9.1793 распушчана.
Літ.:
Тимощук В.В. Тарговицкая конфедерация // Рус. старина. 1904. №9—10;
1905. №1—2;
Smolenski W. Konfederacya Targowicka. Kraków, 1903;
Kądziela Ł. Między zdradą a służbą Rzeczypospolitej. Warszawa, 1993.
Я.К.Анішчанка.
т. 15, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)